Сёння ўжо ніяк нельга абараніцца ад уздзеяння медыя, якія ўплываюць на нас кожны дзень з усіх бакоў. Але, калі мы хочам быць асобамі грамадска-свядомымі і хочам разумець сваё асяроддзе, мы не можам сабе дазволіць не ўмець арыентавацца ў медыя альбо не быць здольнымі адэкватна інтэрпрэтаваць інфармацыю, якая прыходзіць да нас праз іх. Таму правільнае разуменне медыякантэнту і ўвогуле агульная арыентацыя ў медыяасяроддзі становіцца непадзельнай часткай агульнай адукацыі. Гэтым кампетэнцыям добры настаўнік, не пабаюся гэтага слова, павінен навучыць сваіх вучняў. Падстава для такога моцнага сцверджання ў наступным: я згодны з поглядамі тых, хто кажа, што медыяграматнасць з’яўляецца неабходнай умовай для паўнавартаснага ўключэння асобы ў грамадскае жыццё. Урэшце рэшт, мы жывём у час, насычаны медыя, і не можам нават падумаць, што ў бліжэйшы час будзе іначай. Як, на маю думку, правільна прагучала на адным арганізаваным намі семінары ў другой палове верасня 2015 года ў Беларусі: «Гэта ўжо не пытанне ці трэба вучыць, гэта пытанне як вучыць». У такім духу канцэптуалізаваны цэлы зборнік артыкулаў, які вы зараз трымаеце ў руках.
У Чэшскай Рэспубліцы мы мэтанакіравана рэалізуем медыяадукацыю ў сярэдніх школах ужо з 2006 года, калі гэтая тэма была згадана ў Агульнай адукацыйнай праграме, якая служыць абавязковым дапаможнікам для ўсіх нашых сярэдніх школ і гімназій. Такім чынам, яна ўплывае на ўсіх вучняў ад 7 да 15 гадоў. У прапанаваным зборніку – артыкулы чэшскіх і беларускіх педагогаў, якія так ці іначай занятыя праблемамі медыяадукацыі і медыяграматнасці ўвогуле. Ён адрасаваны, перш за ўсё, беларускім настаўнікам.
Мы верым, што гэтай публікацыяй мы паглыбім узаемнае супрацоўніцтва паміж педагогамі Чэхіі і Беларусі, і спадзяюся, што гэта толькі адзін з мноства крокаў, якія мы зробім на агульным шляху да ведаў. Жадаю ўсім прыемнага чытання і спадзяюся на добрыя меркаванні адносна медыясправаў.